Знакі прыпынку ў складаназалежных сказах

Коска ставіцца:

  • Паміж галоўнай і даданымі чсаткамі. Напрыклад:

Чую, як шуміць вецер. Схема сказа: […], (як…).

Як толькі сыходзіў снег, Андрэй спяшаўся ў лес. Схема сказа: (Як…), […].

  • Калі даданая частка стаіць у сярэдзіне галоўнай, яна выдзяляецца з абодвух бакоў. Напрыклад: Ружы, якія ты мне падарыў, стаялі цэлы тыдзень.

Схема сказа: […, (якія…), …].

  • Паміж аднароднымі даданымі часткамі, злучанымі без злучнікаў ці паўторнымі злучнікамі і, ці. У гэтым выпадку даданыя сказы з’яўляюцца як быццам аднароднымі членамі сказа (знакі прыпынку ставяцца па аналагічных правілах). Напрыклад:

Васіль верыў, што Алена не падманула яго, што яна абавязкова прыйдзе, што ўсё будзе добра. Схема сказа: […], (што…), (што…), (што…).

Усе даведаліся, што вярнуўся Міхась, і што застанецца ён у вёсцы, і што ўжо ўладкаваўся працаваць на ферму. Схема сказа: […], (што…), і (што…), і (што…).

Ідуць шляхам тым героі, каб здабыць працоўным славу, і свет цалкам перакроіць, і зрабіць камуны справу. Схема сказа: […], (каб…), і (…), і (…).

Вяртаючыся дадому, яна ўспомніла, як яны сустрэліся, і як таварышы дапамаглі ім пасябраваць, і як падтрымлівалі ў цяжкія хвіліны. Схема сказа: […], (як…), і (як…), і (як…).

  • Паміж двума падпарадкавальнымі злучнікамі, калі за ўнутранай даданай часткай няма другой часткі састаўнога злучніка то, дык, перад якой ставіцца коска. Напрыклад:

Кожны павінен ведаць, што, калі здарыцца пажар, трэба тэлефанаваць 101.

Парўнайце!  Кожны павінен ведаць, што калі здарыцца пажар, то трэба тэлефанаваць 101(коска перад калі не ставіцца, бо ёсць то).

Увага!

А) калі перад падпарадкавальным злучнікам стаяць словы асабліва, нават, толькі, напрыклад, а таксама, у прыватнасці і г.д., то коска ставіцца не перад злучнікамі, а перад гэтымі словамі. Напрыклад: 1. Тут зусім ціха, асабліва калі сцямнее. 2. Першае каханне родніць людзей на ўсё жыццё, нават калі іх разлучыў лёс.3. Хлопцы паваліліся на зямлю і паснулі, толькі калі пазбіралі і спалілі ўсё бліжэйшае галлё.

Б) калі даданы сказ звязваецца з галоўным пры дапамозе састаўных злучнікаў таму што, для таго што, для тагокаб, перад тым як, па меры таго як, да таго часу пакуль, пасля таго як і інш., то коска ставіцца ў залежнасці ад зместу сказа і інтанацыі. Напрыклад: 1. Да таго як пачаўся сход, сяляне гаварылі аб сваіх справах. – Да таго, як пачаўся сход, сяляне гаварылі аб сваіх справах. 2. Для таго каб набраць грыбоў, трэба ведаць некаторыя сакрэты. – Я запрасіў вас для таго, каб абмеркаваць нашы планы.

В) злучнікі ў той час як, па меры таго як, перад тым як, для таго каб, калі даданая частка стаіць перад галоўнай, звычайна не раздзяляюцца. Напрыклад: 1. У той час як ужо добра сцямнела, да нас завітаў Віташкевіч. Схема сказа: (У той час як…), […]. 2. Перад тым як завіраваць, выбіўшыся з цяснін зямлі, вада толькі сочыцца.

Заўвага!

Члянімасць злучніка ў той час як адбываецца часцей тады, калі ўзмацняецца яго часавае значэнне. Такія сказы блізкія да сказаў са злучнікам калі (у той час, як = калі). Параўнайце: Грыбы па-сапраўднаму пачынаюць расці ў той час, як жыта выкідвае колас. – Грыбы па-сапраўднаму пачынаюць расці ў той час, калі  жыта выкідвае колас.

Коска не ставіцца:

  • Калі перад злучальным словам стаіць часціца не. Напрыклад: Раскажы не калі ты прыехаў, а як ты дабіраўся да нас. Схема сказа: […], (не калі), (а як…).
  • Калі паміж галоўнай і даданымі часткамі перад падпарадкавальным злучнікам ці злучальным словам стаяць злучнікі і, ні, ці (перад паўторам злучніка коска ставіцца, бо злучнік ужо стаіць не паміж галоўнай і даданай часткамі, а паміж даданымі). Напрыклад: Мы ведалі і хто пойдзе на заданне, і хто ўзначаліць атрад. Схема сказа: […], (і хто…), (і хто…). Нам не маглі сказаць ні хто старшыня калгаса, ні як праехаць у гэты калгас. Схема сказа: […], (ні хто…), (ні хто…).
  • Калі даданая частка аднародна з членам сказа ў галоўнай і звязана з ім злучнікам і. Напрыклад: Я ўжо марыў пра летні адпачынак і як буду купацца ў моры. 2. Трэба падумаць і як сустрэць вясну (паміж галоўнай і даданай часткамі заўсёды будзе стаяць злучнік і, а за ім – любы падпарадкавльны злучнік: і што, і дзе, і як і г.д.)
  • Калі даданая частка складаецца толькі з аднаго злучальнага слова (няпоўны даданы сказ) і не выражае прамога пытання. Напрыклад:
  • Хто гэта быў?
  • Я не магу сказаць хто. Схема сказа: […] (хто).
  • У мяне запыталіся, куды я іду. Я сказаў куды. Схема сказа: […] (куды).
  • Паміж аднароднымі даданымі і аднароднымі галоўнымі часткамі, звязанымі адзіночнымі злучнікамі і, ці, або, ды (=і). Прычым, перад другой даданай часткай неабавязкова можа стаяць падпарадкавальны злучнік. Напрыклад:

Глушэц пачынае такаваць на досвітку, калі вакол цёмна і лес яшчэ не абудзіўся (складаназалежны сказ з сузалежнымі аднароднымі часткамі, звязанымі адзіночным злучнікам і). Схема сказа: […], (калі…) і (…).

Я люблю пазіраць туды, дзе шумяць каласамі шырокія нівы або рассцілаюцца бясконцыя зялёныя лугі. Схема сказа: […], (дзе…) або (…).

Раніца была такая ціхая і рыба клявала так добра, што рыбакі зусім забыліся на час (злучнік і звязвае два галоўныя сказы). Схема сказа: […] і […], (што…).

  • Калі ў сказе ёсць фразеалагізм, які вельмі нагадвае даданую частку. Напрыклад: Ён працуе як мокрае гарыць (спосабу дзеяння). 2. Ідзі сабе куды вочы глядзяць (месца). 3. Ён глядзеў на мяне як ні ў чым не бывала (спосабу дзеяння). 4. Птушачкі водзяцца хто іх ведае дзе (месца). Гэта простыя сказы, а выдзеленыя фразеалагізмы – акалічнасці).

Адрознівай!

Калі пытанне заключана ў галоўнай частцы, тады ў канцы складаназалежнага сказа ставіцца пытальнік. Калі ж пытанне заключана ў даданай частцы, пытальнік не ставіцца. Параўнайце: 1. Вы не ведаеце, як завуць тую дзяўчыну? – Скажыце, як завуць тую дзяўчыну.2. Ты не чуў, якое заўтра будзе надвор’е? – Па радыё гаварылі, якое заўтра будзе надвор’е.

Кропка з коскай ставіцца:

Паміж даданымі часткамі або іх групамі , калі яны даволі развітыя і часам маюць свае знакі прыпынку. Напрыклад: Я хацеў бы ў хаціне тваёй нагасціцца, каб ніколі яе не патрапіў забыць я; да таго пра ўсё нагаварыцца з табою, каб твой голас і смех быў заўсёды са мною; да таго на тваё хараство наглядзецца, каб не сцерлі твой вобраз часы ліхалецця; да таго насвятліць свае вочы вачыма тваімі, каб знайсці мог цябе і начамі глухімі.

Правер сябе