З гісторыі ўзнікнення знакаў прыпынку

Пунктуацыйнае афармленне пісьмовых тэкстаў ажыццяўлялася ўжо ў глыбокай старажытнасці. Праўда, знакаў прыпынку ў той час было мала. Паводле слоў акадэміка Я.Ф. Карскага, у старажытных пісьмовых тэкстах усходніх славян аж да 14 ст. ужывалася толькі кропка [ . ] і розныя спалучэнні кропак: [ : ],

[ … ], [ .. .], [...]. Кропка ставілася ў розных частках тэксту, але вызначыць якія-небудзь сістэматычныя правілы яе ўжывання даволі цяжка. Гэты знак прыпынку ставілі не толькі паміж граматычна арганізаванымі часткамі тэксіу, але і пасля кожнага слова і нават у сярэдзіне некаторых слоў. Розныя спалучэнні кропак ужываліся пераважна ў канцы абзацаў, у загалоўках як своеасаблівы арнамент.

У канцы 15 стагоддзя ў пісьмовую практыку пачынаюць уводзіцца іншыя знакі прыпынку. Ужо ў гэтым стагоддзі асобныя словы і словазлучэнні ў сярэдзіне сказа сталі аддзяляцца або выдзяляцца пры дапамозе коскі [ , ].

Для абазначэння пытальнага зместу сказа спачатку ўжывалася так званая “падстолія” (па тэрміналогіі Л.Зізанія), якая мела выгляд сучаснай кропкі з коскай [ ; ]. Гэты знак прыпынку быў уведзены ў пісьмовую практыку толькі ў канцы 16 стагоддзя, для аддзялення асабліва развітых частак простага і складанага сказа. У гэты час, дарэчы, сталі выкарыстоўваць і пытальны знак [ ? ].

У канцы 15 стагоддзя паявілася двукроп’е [ : ], якім карысталіся для аддзялення прэдыкатыўных частак у структуры складанага сказа. Праўда, гэты знак прыпынку пэўны час працягваў ужывацца таксама са значэннем кропкі.

З канца 16 стагоддзя сталі ўжываць дужкі (   ).

З канца 17 стагоддзя – клічнік [ ! ] і двукоссе [ “  ”].

З сярэдзіны 18 стагоддзя пачаў ужывацца працяжнік [ –] для абазначэння асабліва выразнай паўзы паміж асобнымі словамі і групамі слоў у простым сказе, а таксама паміж прэдыкатыўнымі часткамі складанага сказа.

З канца 18 стагоддзя ў пісьмовую практыку было ўведзена шматкроп’е […].

Такім чынам, да пачатку 19 стагоддзя ў пунктуацыйнай сістэме былі ўжо ўсе знакі прыпынку, якія ўжываюцца і ў наш час. Аднак пастаноўка знакаў прыпынку ў пісьмовых тэкстах яшчэ на працягу доўгага часу грунтавалася на рознай пснове і праводзілася ў значнай ступені адвольна і паслядоўна. Толькі ў 20 стагоддзі канчаткова вызначаны прынцыпы, якія ляжаць у аснове сучаснай пунктуацыі, і ўстаноўлены правілы ўжывання кожнага знака прыпынку.