Ускосная мова

Ускосная мова

Ускосная мова – гэта чужая мова, якая перадае толькі асноўны змест выказвання асобы ад імя аўтара (апавядальніка). Яна афармляецца як складаназалежны сказ, дзе даданая частка (ускосная мова) звязваецца з галоўнай (словамі аўтара) злучнікамі што, каб, ці, нібы і злучальнымі словамі дзе, калі, хто, як і інш. Параўнайце:

Сказ з простай мовай                 

Сказ з ускоснай мовай

Аднак сын загадаў Селівону: “Не адлучайся ад парома на выпадак якой патрэбы”. Аднак сын загадаў Селівону, каб той не адлучаўся ад парома на выпадак якой патрэбы.

 

 Для канструкцый з ускоснай мовай не ўласціва ўжыванне выклічнікаў, звароткаў, пабочных слоў, часціц і іншых эмацыянальна-экспрэсіўных сродкаў.

                    Правілы замены простай мовы на ўскосную

Пры замене простай мовы на ўскосную яна становіцца даданай часткай складаназалежнага сказа, а словы аўтара – яго галоўнай часткай. Пры замене простай мовы ўскоснаю трэба кіравацца наступным:

  1. Калі простая мова сваёй будовай і значэннем нагадвае апавядальны сказ, то пры замене ўскоснай яна перадаецца даданай дапаўняльнай часткай, якая звязваецца з галоўнай злучнікам што.

Сказ з простай мовай                 

Сказ з ускоснай мовай

“Жыве балотная сава каля нашага дома з маленства”, — паведаміў Зыгмусь.

“Гэта гасцінец ад цёткі Зіны”, — пачаў тлумачыць тата.      

Зыгмусь  паведаміў, што балотная сава жыве каля іхняга дома з маленства.

Тата пачаў тлумачыць, што гэта гасцінец ад цёткі Зіны.

 

2. Калі простая мова выражана пабуджальным сказам, а выказнік у такім сказе выступае ў форме дзеяслова загаднага ладу, то пры замене ўскоснай яна перадаецца даданай дапаўняльнай часткай, якая звязваецца з галоўнай злучнікам каб. Пры гэтым замест формы загаднага ладу простай мовы ўжываецца форма ўмоўнага ладу з адпаведнай заменай асабовых форм дзеяслова і займеннікаў.

Сказ з простай мовай                 

Сказ з ускоснай мовай

“Ды не стойце, бяжыце хутчэй на паравоз!.. А ў нядзелю прыязджайце…”-  хутка прамовіла Вера.         

“І ты, Дубінскі, таксама станавіся на сваё месца”, — зноў сказаў тонам загаду Пецька Семяніхін.           

Вера прамовіла хутка, каб я не стаяў, бег хутчэй на паравоз… А каб прыязджаў у нядзелю.

Пецька Семяніхін зноў тонам загаду сказаў, каб і Дубінскі таксама станавіўся на сваё месца.

 

  1. Калі простая мова – пытальны сказ з пытальнымі займеннікамі хто, што, які, чый, колькі, прыслоўямі калі, адкуль і інш., то яна замяняецца даданай дапаўняльнай часткай, якая ўключае ў якасці злучальных слоў гэтыя займеннікі і прыслоўі:

Сказ з простай мовай                 

Сказ з ускоснай мовай

Раптам дачка папыталася: “Што ты мне, тата, прывёз?”

“А чаму грыміць?” – лезлі і чапляліся да старэйшых з запытаннямі дзеці.

Раптам дачка папыталася ў таты, што ён ёй прывёз.

Дзеці лезлі і чапляліся да старэйшых з запытаннямі, чаму грыміць.

 

4. Калі простая мова – пытальны сказ без пытальных займеннікаў і прыслоўяў або з пытальнай часціцай ці, то яна замяняецца даданай дапаўняльнай часткай са злучнікам ці:

Сказ з простай мовай                 

Сказ з ускоснай мовай

“А гэтая бярозка не трэба вам?” – спытала Святланка.  

“Ці не пусціш, Янка, нас пераначаваць?” – спытаў павадыр.

Святланка спытала, ці трэба нам гэтая бярозка.

Павадыр спытаў у Янкі, ці не пусціць той іх пераначаваць.

 

5. Асабовыя і прыналежныя займеннікі або дзеясловы 1-й і 2-й асобы адзіночнага ліку ва ўскоснай мове перадаюцца ад асобы аўтара:

Сказ з простай мовай                 

Сказ з ускоснай мовай

“Там я ведаю добрую мясцінку”, — сказаў бацька.     

“Я сын будаўніка, — сказаў Карага, — і бацька мой – мужык”.                 

Бацька сказаў, што там ён ведае добрую мясцінку.

Карага сказаў, што ён – сын будаўніка і бацька яго мужык.

 

6. Ускосная мова вызначаецца меншай эмацыянальнасцю ў параўнанні з простай мовай, яна бяднейшая на сродкі выразнасці. Наяўныя ў простай мове выклічнікі, некаторыя пабочныя словы і словазлучэнні, якія маюць экспрэсіўны характар, надзеленыя выразнай эмацыянальнай афарбоўкай часціцы пры замене на ўскосную мову апускаюцца. Значэнні іх перадаюцца іншымі словамі, блізкімі да іх па сэнсу. Атрымліваецца, такім чынам, прыблізны пераказ простай мовы.

Сказ з простай мовай                 

Сказ з ускоснай мовай

“А, браткі мае, што я гэта бачу? – Здзіўлена завёў Уладзя Якавецкі, — гэта ж той самы воўк са званком на шыі”.

 

Уладзя Якавецкі моцна здзівіўся, пазнаўшы таго самага ваўка са званком на шыі.

 

7. Калі ў простай мове ёсць зваротак, то ён або становіцца членам галоўнай часткі сказа, або апускаецца:

Сказ з простай мовай                 

Сказ з ускоснай мовай

“Дзеду, сонца ў лесе начуе?” – раптам запыталася Таня.       

Настаўнік яму сказаў: “Не пакідай, Сцёпка, навукі: у цябе вялікія здольнасці да яе”.  

Таня раптам запыталася ў дзеда, ці начуе сонца ў лесе.

Настаўнік сказаў Сцёпку, каб той не пакідаў навукі: у яго вялікія здольнасці да яе.

 

Заўвага! Звычайна не замяняецца ўскоснаю простая мова, у якой перадаюцца пераважна эмоцыі (часта эмацыянальна-экспрэсіўная простая мова выражаецца фразеалагізмам). Напрыклад:

                         “Вось табе і маеш…” – пакрывіўся дзядзька.

                        “Вось як!” – здзівілася мама.

                        “Ваякі, трасца вашай галаве!” – сказаў сам сабе дзед.

 

Правер сябе