Цікавыя факты аб нялітарнай пісьменнасці

У апошнія дзесяцігоддзі з’явілася шмат надпісаў, у якіх адна або некалькі літар, а часам і цэлае слова замененыя малюнкам. Асноўнымі відамі нялітарнай пісьменнасці, або пісьменнасці, камбінаванай з літарамі, у наш час з’яўляюцца піктаграфія, ідэаграфія, лагатып, Zlango, піктаграфіксацыя. Разгледзім кожны з іх падрабязна.
________________________________________

Нялітарная пісьменнасць мае даўнюю гісторыю. Спосаб перадачы вобразаў, уражанняў, падзей, думак з дапамогай малюнка называецца піктаграфіяй (пікта- — малюнак, графа- — пісьменнасць), а сам малюнак — піктаграмай (-грама — літара, запіс). Самыя старажытныя піктаграмы пра войны, паляванне, перасяленні былі створаны нашымі далёкімі продкамі на скалах і сценах пячор. Цяпер піктаграфіяй як асноўным відам пісьменнасці карыстаецца толькі народ, які жыве ў перадгор’ях Тыбета.
Сучасная піктаграма схематычна адлюстроўвае апазнавальныя рысы аб’екта, прадмета або з’явы (напрыклад, дарожныя знакі, чырвоны крыж і інш.) Такая пісьменнасць, на думку аўтараў «Літаратурнай энцыклапедыі» Р. Шора і Н. Карынскага, можа быць зразумелая «людзьмі, якія гавораць на розных мовах».
Яшчэ адна разнавіднасць нялітарнай пісьменнасці — ідэаграфія (ідэя — паняцце) — асаблівая пісьменнасць знакамі, якія пазначаюць пэўную ідэю. Гэта адрознівае яе ад піктаграфіі, дзе значэнне перадаецца малюнкамі канкрэтных прадметаў. З’яўленне такой пісьменнасці звязана з развіццём мыслення і гаворкі. Цяпер ідэаграмы выкарыстоўваюцца ў асноўным у выглядзе іерогліфаў. Іх ужывалі ў цывілізацыях Старажытнага Егіпта і Кітая, а ў азіяцкіх краінах выкарыстоўваюць і ў наш час.
Лагатып (логас — слова, тыпас — адбітак) — гэта розныя малюнкі, у асноўным таварных знакаў, у выглядзе стылізаваных літар і/або ідэаграмы. Лагатып павінен вылучыць фірму і яе прадукцыю сярод падобных, прыцягнуць увагу пакупніка або інвестара. Пра гэта добра ведаюць маркетолагі і дызайнеры, якія іх ствараюць, таму і выкарыстоўваюць розныя мудрагелістыя прыёмы. Так, напрыклад, літара М лагатыпу фірмы «Марка» выканана ў выглядзе чаравічка (менавіта іх выпускае фірма); Калінкавіцкі мэблевы камбінат сваю абрэвіятуру КМК стварыў як шэзлонг, на якім утульна размясціўся чалавечак. Маўляў, купляйце нашы зручныя канапы і адпачывайце!
Яшчэ адзін від сучаснай піктаграфічнай пісьменнасці называецца Zlango: (,,)(,,) — кацяня; __»»»»»»»»»»— кава; (O_O) — моцна здзіўлены і інш. Ён створаны для карыстальнікаў SMS і ўяўляе сабой знакі прыпынку ў розных камбінацыях. Гэта своеасаблівы пераклад смайлаў на алфавіт клавіятуры гаджэта.
Піктаграфіксацыя — самы сучасны спосаб нялітарнай пісьменнасці, пры якім літары замяняюцца малюначкам — графіксам. Графікс (графа — пішу, фікс — прымацаваны) — малюнак, які замяняе літару. Такія словы В. А. Лазарава назвала ідэалексемамі(ідэя — паняцце, лексема — слова).
Для даследавання, якія малюнкі часцей выкарыстоўваюцца ў сучаснай піктаграфіі і якія — пры піктаграфіксацыі былі выбраны выбралі дарожныя знакі (усяго — 305). Высветлілася: піктаграмы сустракаюцца 183 разы, у тым ліку — аўтамабіль — 51, дарога — 38, людзі — 16, аўтобус, тралейбус — 11. Нярэдкія і ідэаграмы, напрыклад, стрэлкі (160).
Былі сабраны некалькі соцень ідэалексем і класіфікавалі іх з пункту гледжання асноўных знакаў/эмблем, выдзеленых В. А. Лазаравай:
• старажытныя сімвалы: сонца, месяц, зорка, Зямля, дрэва, вада;
• штучныя збудаванні, у т. л. — жыллё чалавека; гэтую групу мы дапоўнілі і падзялілі на дзве:
• жылле і яго частка;
• прадметы побыту;
• сімволіка ўлады (карона, ордэны);
• рэлігійныя сімвалы (крыж, паўмесяц);
• спартыўная сімволіка;
• сімвалы гуку;
• сімволіка флоры;
• сімволіка фаўны;
• міжнародныя інфармацыйныя сімвалы,
• смайлы;
• чалавек.
Часцей за ўсё для піктаграфіксацыі выкарыстоўваюцца прадметы і вобразы прыроды і чалавека.  Словы з малюнкамі запамінаюцца намнога лягчэй, чым без іх. Чаму гэта адбываецца? Справа ў тым, што шэсць-сем чалавек з дзесяці — візуалы, г. зн. успрымаюць інфармацыю ў асноўным праз зрок. Малюнак не залежыць ад тэхнікі чытання, ад ведання мовы, менш, чым літары, залежыць ад вастрыні зроку. Гэта разумелі і стваральнікі дарожных знакаў, разумеюць і тыя, хто прыдумляе рэкламныя назвы і стварае лагатыпы.
Такая пісьменнасць неабходная, бо яна дазваляе хутчэй зразумець сэнс той ці іншай назвы і запомніць яго. Можна ствараць самому ідэалексемы для запамінання «памылканебяспечных» месцаў у слоўнікавых словах.
Калі вам неабходна заказаць дублікат ключоў, вы хутчэй успомніце, дзе размешчаная майстэрня, калі на яе шыльдзе літара Лбудзе намаляваная як звязак ключоў. Патрэбен посуд — вы ўспамінаеце шыльду з выявай літар у выглядзе рондаля, патэльні, чарачак і талерак. Хочаце купіць натуральны сок, а не нектар — успамінаеце «На100ящий». Маркетолагі добра гэта разумеюць, таму актыўна выкарыстоўваюць.