Коска ў складаназлучаных сказах

Часткі складаназлучанага сказа  раздзяляюцца коскай, калі паміж імі  стаяць:

а) спалучальныя злучнікі і, ды (у значэнні і). У такіх сказах перадаецца адначасовасць ці паслядоўнасць падзей, з’яў: Усё мацней прыгравала сонца, і з гаю павявала на поле душнаватым водарам бярозавага лісця. Ціхі пошум дрэў стаяў над наваколлем, ды рэчка шапатліва пляскалася ў бераг.

б) супраціўныя злучнікі а, але, ды (у значэнні але), аднак, затое, ж (жа), аж, толькі і інш. У сказах указваецца на супастаўленне ці супрацьпастаўленне фактаў, падзей, з’яў: Дарожак пратаптаных многа, ды не для нас яны былі. Сонца зайшло, але над горадам яшчэ не патухлі яго апошнія водбліскі. Бацька ціха пастукаў у дзверы, аднак з пакоя ніхто не азваўся. Спіць у зялёным бары цішыня, толькі закаханым не спіцца…К ночы вецер памалу сціхаў, затое аднекуль з шумлівай цемрадзі пачаў накрапваць дождж.

в) размеркавальныя злучнікі ці, або (альбо), ні-ні, то-то, ці-ці, або-або, ці то- ці то, не то- не то. У сказах паведамляецца аб чаргаванні падзей або ўказваецца на магчымасць аднаго факта ці з’явы з ліку названых: То лепіць снег, то дробны дождж імжыць. Ці то бліскавіца яго спапяліла, ці хваля з духмянага поплаву змыла. Або птушак там не было, або яны проста не адважыліся падаваць голасу.

Але ў складаназлучаных сказах з адзіночнымі злучнікамі і, ды (у значэнні і), ці, або коска не ставіцца ў наступных выпадках:

  • Калі ў сказе ёсць агульнае для абедзвюх частак слова:

1) даданы член сказа (часцей акалічнасць): Праз нейкі час вецер разагнаў у вышыні   хмары   і дождж сціх. Верабейку сцюжа зморыць або ястраб схопіць. Схема сказаў: Агульны даданы член сказа 1[   ] і 2[   ].

2) пабочнае слова (здаецца, відаць, магчыма, на шчасце і інш.): Карацей кажучы,   экзамены закончыліся і пачаліся канікулы. Напэўна, у аўтобус прыйшлі не ўсе пасажыры і шафёр пакуль чакаў. Схема сказаў: Пабочнае слова 1[   ] і 2[   ].

3) часціца (хай, няхай, каб, ці): Няхай гудзе вецер і сыпле снег.  Толькі верхавіны соснаў гудзелі ледзь чутна ды шалясцелі няўмоўчныя трапяткія асіны. Схемы сказаў: Часціца 1[   ] і 2[   ]. Часціца 1[   ] ды 2[   ].

АДРОЗНІВАЙЦЕ! Здаецца, зусім нядаўна мы напісалі пісьмо, і вось прыйшоў ужо адказ.  У сказе коска паміж часткамі ставіцца, бо пабочнае слова да 2-й часткі нельга аднесці.

  • Калі часткі сказа маюць агульную даданую частку: (Пакуль прыйшоў аўтобус), [хлопцы ўжо пазнаёміліся] і [Саша расказваў аб сваёй сям’і]. Схема сказа: (Агульная даданая частка), 1[     ] і 2[     ].
  • Калі часткі сказа маюць форму аднасастаўных неразвітых або маларазвітых сказаў (назыўных, безасабовых, няпэўна-асабовых): Яркае летняе сонца і лагодны паўднёвы вецер. Шуміць у галаве і хочацца спаць.
  • Калі часткі сказа маюць форму неразвітых ці маларазвітых двухсастаўных сказаў аднароднай будовы: Дзьмуў халодны вецер ды шумеў стары лес.
  • Калі часткі сказа маюць форму пытальных або клічных сказаў: Куды ж ісці і што рабіць? Якое багацце колераў бачым мы ўвосень і як яно нас хвалюе! Схемы сказаў: 1[     ] і 2[     ]!      1[     ] і 2[     ]?
  • Калі ў другой частцы сказа ёсць займеннік сам (сама, само, самі), які выконвае функцыю дзейніка: Маці паставіла на стол вячэру і сама села побач. Схема сказа: 1[     ] і 2[ сама …  ].
  • Калі другая частка сказа – няпоўная, апушчаны выказнік: Блішчыць іржышча і на ім – снапы. Дзеці снедалі і маці з імі.
Правер сябе