Складаныя сказы з рознымі відамі сувязі (агульнае паняцце)

У сучаснай беларускай мове, асабліва ў мове мастацкай літаратуры, ужываюцца складаныя сказы з трох, чатырох, пяці і больш частак. Састаўныя часткі такіх сказаў звязаны паміж сабою рознымі відамі сувязі:

  • злучальнай і падпарадкавальнай;
  • злучальнай і бяззлучнікавай;
  • падпарадкавальнай і бяззлучнікавай;
  • злучальнай, падпарадкавальнай і бяззлучнікавай.

Гэта складаныя сказы з рознымі відамі сувязі.

Напрыклад:

Рысы аблічча беларуса мяккія, склад здаецца крыху далікатным, хоць для беларуса характэрна працавітасць, вынослівасць, цягавітасць. У дадзеным сказе часткі звязаны бяззлучнікавай і падпарадкавальнай сувяззю. Схема сказа: [     ], [     ], (хоць…).

Месяц – гэта планета, якая знаходзіцца бліжэй за ўсё да Зямлі, або месяц – гэта дванаццатая частка года. У дадзеным сказе часткі звязаны падпарадкавльнай і злучальнай сувяззю. Схема сказа: [     ], (якая…), або [     ].

Віды сувязі ў складаных сказах з рознымі відамі сувязі адлюстраваны ў табліцы.

Віды сувязі і прыклады 

Схема

1.     Злучальная і падпарадкавальная:

1Заміраў тады хлапчына, 2і здавалася яму, 3што ён знае, 4як травінка сваю думае думу.

 1[     ], 2і [     ], 3(што..), 4(як…).

2.     Злучальная і бяззлучнікавая:

1Я сядзеў ля акна і пазіраў на вуліцу: 2свяціла сонца, 3і на дрэвах, парканах, дахах пераліваўся залатымі іскрамі снег.

1[     ]: 2[     ], 3і [     ].

3.     Падпарадкавальная і бяззлучнікавая:

1І ў непагадзь і ў ясную пагоду да болю адчуваю кожны раз: 2мы ўсе з таго няскоранага роду, 3што чыстым хлебам шчодра корміць нас.

 

1[     ]: 2[     ], 3(што…).

 

4.     Злучальная, падпарадкавальная і бяззлучнікавая:

 1Шуміць авёс, 2звініць ячмень, 3і верыш ты ахвотна, 4што каласы цалюткі дзень красуюць бесклапотна.

1[     ], 2[     ], 3і [     ], 4(што…).

Заўвага! Як складаныя сказы з рознымі відамі сувязі разглядаюцца і такія сказы, у якіх дзве ці некалькі галоўных частак звязаны злучальнай ці бяззлучнікавай сувяззю і маюць пры сабе адну або некалькі даданых частак.

Напрыклад:

1Зямля яшчэ песцілася ў сонным змроку вячэрняй ночы, 2а неба ледзь-ледзь пачынала святлець на ўсходзе зорамі, 3калі маладыя настаўнікі выходзілі з Панямоні. Схема сказа: 1[      ], 2а [     ], 3(калі…).

1А там, 2дзе першы крок рабілі, 3дзе нашы мацеркі жывуць, растуць бярозы і рабіна 4і лісце падае ў траву. Схема сказа: 1[ .., 2(дзе…), 3(дзе…), …] 4і [     ].

Правер сябе