Паняцце пра складаназлучаныя сказы

                                                       
1.1. Складаназлучаны сказ – гэта такі злучнікавы складаны сказ, у якім граматычныя часткі раўнапраўныя і звязаны злучальнымі злучнікамі – спалучальнымі (і, ды (у значэнні і), ні-ні), супраціўнымі (а, але, ды (у значэнні але), аднак, затое, дык, толькі, адно, ж(жа), аж), размеркавальнымі (ці, або, ці-ці, або-або, то-то, не то-не то, ці то-ці то).

Напрыклад: Ззяюць сонейка праменні ў срэбных кропельках расы, і гамоняць між сабою залатыя каласы (А.Дзеружынскі). Схема сказа: [1 ], і [2 ].

У складаназлучаным сказе могуць выражацца спалучальныя, супраціўныя або размеркавальныя адносіны.
1) Спалучальныя адносіны – адначасовасць ці паслядоўнасць, прычына і вынік падзей, фактаў, з’яў: Лагодна шалясцяць лясныя дрэвы, ды дробны дожджык цярушыцца аднекуль зверху. Прыйшоў вясёлы красавік, і ўся зямля красой запела.
2) Супраціўныя адносіны – супастаўленне ці супрацьпастаўленне, абмежаванне падзей, фактаў, з’яў: Дзядзька Марцін паехаў араць, а Лабановіч некаторы час сядзеў і слухаў навіны дамашняга жыцця. У жнівеньскі дзень зранку вуліца дрэмле, затое поле поўніцца жыццём.
3) Размеркавальныя адносіны – чаргаванне, магчымасць аднаго факта ці з’явы з ліку названых: То іней асыпаецца на скронь, то хвошча лес ігліцаю і снегам. Ці то птушкі спяваюць, ці то пераліваюцца, журчаць ручаі пад вузлаватым карэннем соснаў.

Заўвага! У складаназлучаных сказах могуць выражацца далучальныя адносіны. У такіх сказах другая частка далучаецца да першай і заключае ў сабе пэўную заўвагу, дадатковае паведамленне, вывад. Пры далучальнай сувязі ўжываюцца злучнікі а, але, і, ды, ды і і інш.: Памалу гутарку мы распачалі, а шмат аб чым пагутарыць было. Сонца было на поўдні, ды і то зямля нагрэлася яшчэ слаба.

Складаназлучаныя сказы могуць складацца з дзвюх і больш простых частак: 1. Сонца свеціць ярка, 2. але дзьме заходні вецер, 3. і па сіняй вадзе возера ходзяць белыя хвалі, 4. а па сінім небе бягуць такія ж белыя воблачкі.

1.2. Паміж часткамі складаназлучаных сказаў можа ставіцца коска, кропка з коскай або прцяжнік. Выбар знака прыпынку залежыць ад выражаных у частках складаназалежнага сказа адносін (спалучальныя, прычынна-выніковыя, супраціўныя, супастаўляльныя, пералічальна-размеркавальныя, далучальныя), ад асаблівасцей будовы простых частак і іншых акалічнасцей.

Напрыклад:
Вецер разагнаў хмары, і ярка засвяціла сонца.
Схема сказа: [1 ], і [2 ]. У сказе ставіцца коска, бо ў ім выражаюцца спалучальныя адносіны (дзеянні адбываюцца паслядоўна).

Чарот яшчэ зялёны, але вада ўжо дыхае холадам.
Схема сказа: [1 ], але [2 ]. У сказе ставіцца коска, бо ў ім выражаюцца супраціўныя адносіны.

Лёгкі подых ветру – і асіна дробненька дрыжыць.
Схема сказа: [1 ] – і [2 ]. У сказе ставіцца працяжнік, бо ў другой частцы перадаецца хуткая змена падзей.

Яркае летняе сонца і лагодны паўднёвы вецер.
Схема сказа: [1 ] і [2 ]. У сказе коска не ставіцца, бо часткі маюць форму аднасастаўных маларазвітых сказаў.

Відаць, тут быў нядаўна рамонт і ніхто не навёў парадак.
Схема сказа: [1 ] і [2 ]. Коска паміж часткамі не ставіцца, бо ў сказе ёсць агульнае пабочнае слова, якое стаіць у самым пачатку сказа.

Правер сябе