Складаназалежныя сказы з некалькімі даданымі

          Складаназалежныя сказы з некалькімі даданымі

У складаназалежных сказах можа быць не адна, а дзве і больш даданых частак, якія па-рознаму звязаны з галоўнай часткай і паміж сабой. Такія сказы называюцца складаназалежнымі з некалькімі даднымі. Напрыклад: Я змалку зведаў (што?), як гамоняць рэкі (што?), як ціха плачуць вербы над вадой (да галоўнага сказа адносяцца два даданыя дапаўняльныя сказы). Саўка не думае (пра што?), што будзе далей (калі?), калі вернецца з лесу (першы даданы сказ – дапаўняльны, другі – даданы часу і залежыць ад першага даданага).

Складаназалежныя сказы з некалькімі даданымі па сваёй будове падзяляюцца на сказы з паслядоўным, сузалежным і змешаным падпарадкаваннем.

          Складаназалежныя сказы з паслядоўным падпарадкаваннем

У складаназалежных сказах з паслядоўным падпарадкаваннем простыя сказы звязаны наступным чынам: ад галоўнага сказа залежыць першы даданы сказ, ад яго залежыць другі даданы сказ, ад другога – трэці і г.д., паміж галоўным і даданым, а таксама паміж наступнымі даданымі сказамі ставіцца коска. Напрыклад: Мы гаворым пра мір і страсна змагаемся за яго, бо ведаем, што такое вайна. Схема сказа: 1[…],  2(бо…), 3(што…). Другая частка залежыць ад першай, трэцяя – ад другой, паміж 2-й і 3-й часткамі ставіцца коска.

Пры паслядоўным падпарадкаванні адзін даданы сказ можа стаяць у сярэдзіне другога даданага. Напрыклад: Сашы здаецца, што яна чуе, як малады клён, што расце пад акном, п’е сок зямлі. Схема сказа: […], (што…), (як…, (што…), …).

Калі падпарадкавальныя злучнікі ў такім сказе стаяць побач (што і калі, які і калі), то перад кожным злучнікам ставіцца коска. Напрыклад: Ужо такі быў гэты чалавек, што, калі закарціць у яго якое жаданне, ён даможацца свайго. Схема сказа: […], (што, (калі…), …).

Другому злучніку могуць адпавядаць словы то, дык (калі – то, калі – дык); у такім выпадку перад другім злучнікам коска не ставіцца. Параўнайце: Ужо такі быў гэты чалавек, што, калі закарціць у яго якое жаданне, дык ён даможацца свайго. Схема сказа: […], (што, (калі…), дык…).

Запомні!

Два злучнікі – тры коскі, тры злучнікі – дзве коскі.

          Складаназалежныя сказы з сузалежным падпарадкаваннем

У складаназалежным сказе ад аднаго галоўнага сказа могуць непасрэдна залежаць два ці некалькі даданых сказаў.

Існуе дзве разнавіднасці такіх сказаў:

  1. Складаназалежныя сказы, у якіх даданыя часткі адносяцца да агульнага для іх галоўнага сказа, паясняюць у ім адно і тое ж слова ці спалучэнне слоў і з’яўляюцца аднолькавымі па значэнні. Напрыклад:

Я чую (што?), як шумяць пшаніцай нівы, (што?) як б’юцца сэрцы фабрык і заводаў, (што?) як наш народ, свабодны і шчаслівы, куе свой лёс упарта год ад году (тры даданыя дапаўняльныя сказы паясняюць у галоўным сказе дзеяслоў-выказнік чую і адказваюць на аднолькавае пытанне што?). Схема сказа: […], (як…), (як…), (як…).

Такія даданыя сузалежныя сказы называюцца аднароднымі.

Увага!

А) падпарадкавальны злучнік у адным з даданых сказаў можа быць апушчаны. Напрыклад: Край мой там (дзе?), дзе шэпчуць сосны, (дзе?) шумяць волаты-дубы. Схема сказа: […], (дзе…), (…).

Б) аднароднымі лічацца і такія даданыя сузалежныя сказы, якія паясняюць у галоўным сказе аднародныя члены. Напрыклад: Шкада мне зялёнай нівы (якой?), што шуміць у полі, такога дуба (якога?), што над рэчкай песціцца ў прыволліСхема сказа: […нівы, (што…), …дуба], (што…).

Калі аднародныя даданыя сказы звязаны паміж сабой адзіночнымі злучнікамі і, ды, ці, або, то перад гэтымі злучнікамі, як і пры аднародных членах, коска не ставіцца.Напрыклад: Глушэц пачынае такаваць на досвітку (калі?), калі вакол цёмна і (калі?) лес яшчэ не абудзіўся. Схема сказа: […], (калі…) і (…).

Алесь не ведаў (што?), што за ім сочаць і (што?) што цяпер на яго непрыкметна глядзяць дзве пары вачэй. Схема сказа: […], (што…) і (што…).

Там (дзе?), дзе раней ляжалі хмызнякі або (дзе?) жаўцеў голы пясок, раслі стройнымі радамі маладыя сасонкі. Схема сказа: […, (дзе…) або (…), …].

  1. Ёсць складаназалежныя сказы, у якіх даданыя адносяцца да агульнага для іх галоўнага сказа, паясняюць у ім розныя словы або адно і тое ж слова, але з’яўляюцца рознымі па значэнні, адказваюць на розныя пытанні. Напрыклад: Калі падымалася сонца, пачыналася гарачыня, якая трымалася да позняга вечара (першы даданы сказ (часу) паясняе ў галоўным сказе дзеяслоў-выказнік пачыналася і адказвае на пытанне калі?; другі даданы (азначальны) паясняе назоўнік гарачыня і адказвае на пытанне якая?). Схема сказа: (Калі…), […], (якая…).

Такія даданыя сузалежныя сказы называюцца неаднароднымі.

         Складаназалежныя сказы са змешаным падпарадкаваннем

У адным сказе можа быць змешанае падпарадкаванне даданых сказаў – сузалежнае і паслядоўнае. Напрыклад: Мы накіраваліся да сядзібы, якая тоне ў зеляніне дрэў, каб паглядзець на двор, на тыя шыбы, у якія некалі і ён глядзеў (з галоўным сказам першы і другі даданыя сказы звязаны сузалежным падпарадкаваннем, а другі і трэці даданыя сказы – паслядоўным падпарадкаваннем). Схема сказа: […], (якая…), (каб…), (у якія…).

Правер сябе