Працяжнік у складаназлучаных сказах

Паміж часткамі складаназлучанага сказа ставіцца працяжнік:

  • Калі другая частка змяшчае вынік падзей: Некалькі ўзмахаў вёсламі – і лодка на сярэдзіне ракі.  А з’ясі ты з бульбай скварку – і работа пойдзе шпарка. Зачэпіш галіну – і на галаву снег, як са страхі.

Схема сказаў: 1[   ] – і 2[ вынік ].

  • Калі другая частка перадае хуткую змену падзей, з’яў: Хвіліна – і ад самалётаў аддзяліліся кропкі парашутыстаў і рынуліся ўніз. Лёгкі подых ветру – і асіна дробненька дрыжыць. Скалыхнуў вецер елку – і вось мы ўжо стаім абсыпаныя снегам.

Схема сказаў: 1[  ] – і 2[ хуткая змена падзей].

  • Калі другая частка ўказвае на рэзкае супастаўленне ці супрацьпастаўленне: Усю вайну ў пяхоце – і ніводнай драпіны. Сярэдзіна кастрычніка – і такі мароз. Хлопец парываецца загаварыць – але слоў няма. Бацька на работу – а Міхась на вуліцу.

Схема сказаў: 1[  ] – і 2[ супастаўленне ці супрацьпастаўленне].

Правер сябе