Паняцце пра складаныя сказы*

Складаны сказ – гэта такі сказ, які складаецца з дзвюх ці некалькіх прэдыкатыўных частак, аб’яднаных у адно граматычнае, сэнсавае і інтанацыйнае цэлае.

Напрыклад:

1Але вось зусім нечакана дождж перастаў ісці, 2выбліснула сонейка, і 3ўсё навокал ажыло і павесялела.

1Самая страшная думка прыйшла на высокім крутым беразе, 2з якога Пятро аглядаў шырокія прасторы прыдняпроўскіх лугоў, густа застаўленыя стагамі.

Кожная частка складанага сказа сваёй структурай і сэнсам нагадвае просты сказ, у якім ёсць галоўныя і даданыя члены.

Напрыклад, у сказе [Ззяюць сонейка праменні ў срэбных кропельках расы], і [гамоняць між сабою залатыя каласы] дзве часткі, якія адпавядаюць двухсастаўным простым сказам. У сказе [Над шырокай зямлёй пахне восенню], і [яснымі днямі дзьме густы вецер] 1-я частка мае граматычную будову аднасастаўнага (безасабовы) сказа, другая – двухсастаўнага.

Часткі ў складаным сказе звязаны паміж сабою граматычна і паводле сэнсу, узаемна дапаўняюць адна другую. Кожная простая частка, што ўваходзіць у складаны сказ, мае сваю граматычную будову і выражае думку як частку складанага выказвання.

Напрыклад:

[Мастацтву падуладны ўсе бакі чалавечага існавання], і [ў тым яго сіла].

[Стаяла тая пара], (калі ў зялёны летні колер восень паволі пачынае ўплятаць свае жоўтыя ніткі).

[У садах засвісталі шпакі], [чутны жаўранка срэбныя звоны].

[Ад былога балота павявала цеплаватай вільгаццю], і[ здавалася], (што там стаіць вада).