Паняцце пра складаныя бяззлучнікавыя сказы

          Складаныя бяззлучнікавыя сказы — гэта такія сказы, прэдыкатыўныя часткі якіх звязваюцца толькі пры дапамозе інтанацыі, без злучнікаў і злучальных слоў.

Асноўны сродак сувязі частак у бяззлучнікавых складаных сказах — інтанацыя: Рыпяць, скрыгочуць палазы — марозны снег ім цяжка грызці. Назаўтра ўстанеш — свет змянёны, у новых футрах вербы, клёны.

У склад складаных бяззлучнікавых сказаў могуць уваходзіць тры і больш простых частак: 1. Гром глуха грукоча пад небам высокім, 2. прыціхнулі птушкі, 3. схаваўся каршун, 4. мільгнула маланка адблескам далёкім, 5. ударыў у елку гняўлівы пярун.

Усе прэдыкатыўныя часткі ў складаных бяззлучнікавых сказах раўнапраўныя: Лабановіч акінуў вачамі ваколіцы: усюды было цесна, цёмна і пуста. Схема сказа: [     ]: [     ].

Сінтаксічныя адносіны паміж часткамі складаных бяззлучнікавых сказаў падобныя да сінтаксічных адносін паміж часткамі складаназлучаных і складаназалежных сказаў. У залежнасці ад структуры састаўных частак, сэнсавых адносін паміж імі і інтанацыі складаныя бяззлучнікавыя сказы падзяляюцца на:

  • складаныя бяззлучнікавыя сказы з аднатыпнымі часткамі;
  • складаныя бяззлучнікавыя сказы з разнатыпнымі часткамі.

Складаныя бяззлучнікавыя сказы з аднатыпнымі часткамі

Складаныя бяззлучнікавыя сказы з разнатыпнымі часткамі

1. Набліжаюцца да складаназлучаных сказаў.

2. Састаўныя часткі ў іх раўнапраўныя або аднародныя.

3. Паміж часткамі гэтых сказаў найчасцей выражаюцца адносіны адначасовасці ці паслядоўнасці.

Напрыклад:  

          На белым фоне снегу залаціцца стужка сасновай кары, паблісквае серабрыстымі вочкамі колішніх кветак галінка верасу  (У сказе падзеі адбываюцца адначасова).

          Поезд прайшоў, шлагбаўм падняўся, стары чалавек перайшоў праз рэйкі і ўвайшоў у глухі завулак (У сказе падзеі адбываюцца адны за другімі, паслядоўна).

1. Набліжаюцца да складаназалежных сказаў.

2. Састаўныя часткі ў іх нераўнапраўныя або неаднародныя.

3. Другая частка паясняе, удакладняе, раскрывае змест першай.

4.  Паміж часткамі могуць выражацца адносіны прычыны, умовы, выніку, часу.

Напрыклад:

          Цецерукі карміліся: шчыпалі на галінках пупышкі – свой асноўны зімовы ласунак (Другая частка паясняе змест першай).

          Выпаў першы пушысты сняжок – пабялелі без таго белыя бярозкі (Паміж часткамі выражаюцца адносіны ўмовы, часу).

          Звечара лёг першы снег, іскрыўся пад ясным небам – у хаце было светла (Паміж часткамі выражаюцца адносіны выніку).

 

 

Правер сябе