Паняцце пра складаназалежныя сказы

1. Паняцце аб складаназалежным сказе

Складаназалежны сказ – гэта такі злучнікавы складаны сказ, у якім прэдыкатыўныя часткі звязваюцца падпарадкавальнымі злучнікамі і злучальнымі словамі (падпарадкавальнай сувяззю). Напрыклад:

1Люблю вясковую дарогу, 2што стужкаю віецца між палёў (што – злучальнае слова, якое можна замяніць словам дарога).

1Я ведаю, 2што брат дапаможа мне абавязкова (што – падпарадкавальны злучнік).

2. Будова складаназалежнага сказа

У складаназалежным сказе адна састаўная частка сінтаксічна падпарадкавана другой, паясняе яе. Тая частка складаназалежнага сказа, якая выступае адносна незалежнай, называецца галоўнай, а залежная ад яе даданай часткай. Так, у сказе Пад снежнаю коўдрай спяць руні палёў, што ў маі купчаста ўзнімуцца зноў  першая частка – галоўная, а другая – даданая. Ад галоўнай часткі да даданай можна паставіць пытанне: Лабановіч спыніўся (для чаго? з якой мэтай?), каб вокам акінуць ваколіцы. Схема сказа: [     ], (каб…). Сумавала рабіна ў полі (аб чым?), што губляе ўсё лісцейка з голля. Схема сказа: [     ], (што…).

Сувязь паміж часткамі ў складаназалежным сказе больш цесная, чым у складаназлучаным, часткі якога захоўваюць пэўную самастойнасць. Напрыклад, у сказе Было ў самым разгары жніво, жыта ўжо зжалі, а ячмень і пшаніца яшчэ амаль усюды стаялі некранутыя, чакалі вострых сярпоў часткі могуць перадаваць паведамленне самастойна. А ў сказе Здавалася, што гэта не кроплі, а крупінкі сонца, якія разам з дажджом асыпаліся на зямлю паведамленне, што ўтрымліваецца ў галоўнай частцы [здавалася], будзе няпоўным без паяснення яго даданай часткай (што гэта не кроплі, а крупінкі сонца), гэтаксама як і даданая частка патрабуе паяснення другой даданай (якія разам з дажджом асыпаліся на зямлю). Схема гэтага сказа: [       ], (што…), (якія…).

Граматычныя часткі (простыя сказы) складаназалежнага сказа могуць быць адна- і двухсастаўныя, поўныя і няпоўныя, развітыя і неразвітыя. Напрыклад: Чым больш было перашкод, тым больш расло ўпартае жаданне дабіцца свайго (1-я частка – аднасастаўны безасабовы сказ, 2-я – двухсастаўны). Абстрыглі з прыходам вясны нажніцамі ліпы і клёны, каб цень не кідалі яны на сцежкі з-пад стрэхаў зялёных (1-я частка – аднасастаўны няпэўна-асабовы сказ, 2-я – двухсастаўны).

Пры адной галоўнай частцы можа быць дзве і больш даданых. Напрыклад: 1. Зямля, дзе ўсе жывуць адной сям’ёй, дзе ваяваў Вячко, дзе жыў Вашчыла, не можа быць пахілаю рабой. 2. Здарылася так, што Шутаву давялося весці баі якраз на тым напрамку, дзе была вёска, у якой мог быць яго сын. У першым сказе дзве даданыя часткі, а ў другой – тры.

Даданая частка можа паясняць:

1) адно якое-небудзь слова галоўнай часткі, ад якога і ставіцца пытанне да даданай часткі. Напрыклад: Між дзвярыма і другою сцяною прытулілася шафа са шклянымі ўверсе дзверцамі, за якімі стаялі кнігі роўненькімі радочкамі. У гэтым сказе даданая частка паясняе адно слова ў галоўнай – дзверцамі.

2) увесь галоўны сказ. Напрыклад: Туман не паспеў яшчэ асесці, хоць на вёсцы яго і не было ўжо. Даданая частка паясняе ўвесь галоўны сказ: туман не паспеў яшчэ асесці, нягледзячы на што?

3) увесь сказ або слова (спалучэнне слоў) у папярэдняй даданай частцы. Напрыклад: Былі такія ночы, што раса выпадала ўсюды і трымалася аж да таго часу, пакуль угрэе сонца. Другая даданая частка паясняе спалучэнне слоў трымалася аж да таго часу з першай даданай часткі.

3. Месца даданай часткі адносна галоўнай

Даданая частка складаназалежнага сказа можа займаць рознае месца адносна галоўнай. Яна можа знаходзіцца:

  • пасля галоўнай часткі. Напрыклад: Вечар ласкавы, вечар сіні адляцеў, каб ноч надышла. Схема сказа: [ ], (каб…).
  • Перад галоўнай часткай. Напрыклад: Што прымусіла буслоў рабіць сваё гняздо на руінах, цяжка сказаць. Схема сказа: (Што…), [ ].
  • У сярэдзіне галоўнай часткі. Напрыклад: Паміж намі і часам, калі жыла Ефрасіння Полацкая, больш за восем стагоддзяў. Схема сказа: […,(калі…),..].

Даданая частка аддзяляецца ад галоўнай коскай, калі стаіць перад галоўнай або пасля яе. І выдзяляецца коскамі з двух бакоў, калі стаіць у сярэдзіне галоўнай.

4. Указальныя словы ў галоўнай частцы

         У галоўнай частцы складаназалежнага сказа можа быць указальнае слова – займеннік ці прыслоўе той, такі, так, там, туды, адтуль, тады, столькі, настолькі і інш., якое паясняецца даданай часткай. Напрыклад, у сказах Кругом была такая бель, што сляпіла і адбірала вочы і Восень напаіла паветра той празрыстасцю і чысцінёй, якая бывае толькі цёплай лагоднай восенню ўказальныя словы такая, той выступаюць азначэннем, а даданыя часткі з’яўляюцца разгорнутым азначэннем да гэтых слоў. У сказе Вецер насядаў так напорна, што Лабановіч насілу зачыніў дзверы ўказальнае слова так – акалічнасць спосабу дзеяння, а даданая частка – разгорнутая акалічнасць спосабу дзеяння да ўказальнага слова.

Указальныя словы ў складаназалежных сказах трэба адрозніваць ад парных злучнікаў чым – тым, калі – то, калі – дык і інш.: Чым болей хадзіў, тым болей дзівіўся, як папёрла ўгору маладняк. Калі глянуць з Антонавага лугу на Доўгае, дык возера, здаецца, ляжыць у нейкай цудоўнай аправе. Калі не было надта горача, то [ласяня з маці] ляжалі, адпачывалі, напіўшыся вады ў блізкай рэчцы. У парных злучніках другая частка можа быць апушчана. Параўнайце: Яшчэ ў халаднаватай свежасці ранку валокся сярод вуліцы пастух з пугаю; заспана выпіхвалі гаспадыні і гаспадары рагуль і падласых. Чым далей, больш цадзілася дымоў над стрэхамі; чым далей, больш шырэлі, багацелі гукі…

Правер сябе