Коска і кропка з коскай у складаных бяззлучнікавых сказах

У складаных бяззлучнікавых сказах у залежнасці ад сэнсавых адносін паміж часткамі, будовы і размяшчэння частак могуць ставіцца коска, кропка з коскай, двукроп’е ці працяжнік.

  1. Коска ставіцца паміж часткамі складанага бяззлучнікавага сказа, калі паміж імі выражаюцца адносіны адначасовасці ці паслядоўнасці і вымаўляюцца з пералічальнай інтанацыяй. Паміж часткамі можна ўставіць злучнікі і, ды (у значэнні і). Параўнайце сказы: Бор стары завые нудна, зашуміць галлём лаза. – Бор стары завые нудна, і зашуміць галлём лаза. Бор стары завые нудна, ды зашуміць галлём лаза.

Напрыклад:

1. Рунь пад сонцам заіскрыцца, краска ўспыхне ля крыніцы, ажывуць лугі. (У дадзеным сказе на мяжы прэдыкатыўных частак (тры самастойныя часткі) ставіцца коска, бо паміж імі выражаюцца адносіны паслядоўнасці. Таксама паміж часткамі можна ўставіць злучнік і:  Рунь пад сонцам заіскрыцца, і краска ўспыхне ля крыніцы, і ажывуць лугі.) 2. Ціхі вечар у сузор’ях над сялом плыве, засвяціліся агнямі росы на траве. 3. Па-над рэчкаю лён зацвітае блакітам, аддае вам паклон буйным коласам жыта. 4. Хіляцца з насмешкаю рабіны, ясені ад смеху шалясцяць. 5. Вось і зноўку прыйшла на зямлю маю восень, над пустымі шляхамі закружыў ліставей. 6. Ціха, пагодлівы вечар (першы сказ – безасабовы, другі – назыўны).7. Дожджык асенні ціха булькоча, вецер не вее, гром не грукоча, зоры на хмарах спяць.

  1. Кропка з коскай ставіцца ў тым выпадку, калі часткі складанага бяззлучнікавага сказа з’яўляюцца ўскладненымі (маюць свае знакі прыпынку) або не маюць цеснай сувязі паміж сабой.

Напрыклад:

1. Адспявала лета песні, усе сабрала каласы; пад сасонкамі, на ўзлессі, расцвітаюць верасы (У дадзеным сказе часткі ўскладненыя: першая частка ўскладнена аднароднымі выказнікамі, другая – удакладняльнай акалічнасцю, таму паміж часткамі ставіцца кропка з коскай). 2. Дробны дождж сячэ, ліецца; вецер злосна ў хату рвецца, у полі стогнам аддаецца. 3. На возера вечар зялёны пад сонцам ідзе залатым; таполі, і ліпы, і клёны ў парку шумяць маладым. 4. Свет яснасці ўзмахам пачаў дзянёк новы; хаваюцца з страхам начніцы і совы (У дадзеным сказе часткі не маюць цеснай сувязі паміж сабою, таму паміж імі ставіцца кропка з коскай). 5. Месяц паціхеньку сунецца ў небе; на ўтаптаным доле варушацца нашы кароткія цені; пахне травой, раскапанай зямлёю; роснаю свежасцю дыхае сонны абшар.6. На развітанне яна моцна паціснула мне руку; далонь яе была шурпатая, мазолістая – жанчына не цуралася любой працы. 7. Нарэшце зайшлі ў лес; пад нагамі шапацела пажоўклае, пакарабачанае лісце.

 

Правер сябе